ТРАІ́СТАЯ МУ́ЗЫКА,

традыцыйны нар. ансамбль з разнастайным складам муз. інструментаў, у аснове якога прынцып спалучэння трох муз. функцый: меладычнай (мелодыя), структурна-гарманічнай, ударна-метрычнай. Бел. нар. назвы «капэла», «настаяшчая музыка» (Паазер’е), «кампанія», «вясёлыя». Гістарычна ў складзе ансамбляў 2 скрыпкі, басэтля; скрыпка, гармонік, бубен або 2 скрыпкі, цымбалы, бубен; а таксама разнастайныя варыянты з іх. У пач. 20 ст. склад ансамбля дапоўніўся гармонікам, кларнетам, трубой, пазней баянам і акардэонам, якія неслі лакальныя традыцыі пэўнага рэгіёна. У рэпертуары звычайна нар. песні, танцы, маршы (на вяселлях, вечарынках і інш. урачыстасцях) і інш. Пашыраны таксама на Украіне, у Польшчы.

Літ.:

Скорабагатчанка А.В. Народная інструментальная культура Беларускага Паазер’я. Мн., 1997;

Яе ж. Інструментазнаўства. Мазыр, 2000.

А.​В.​Скорабагатчанка.

т. 15, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)